Перайсці да зместу

Рафал Маркіяновіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рафал Маркіяновіч
польск.: Rafał Markijanowicz (Markianowicz)
лац.: Raphàél Markianowicz
Дата нараджэння 14 кастрычніка 1783(1783-10-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 снежня 1856(1856-12-23) (73 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці святар, настаўнік
Месца працы
Альма-матар

Рафал Маркіяновіч (польск.: Rafał Markijanowicz (Markianowicz), лац.: Raphàél Markianowicz; 14 кастрычніка 1783, Мсціслаў — 23 снежня 1856, Новы Сонч) — дзеяч каталіцкага касцёла і Ордэна езуітаў, педагог.

Уступіў у Таварыства Ісуса 10 жніўня 1799 г. і на працягу наступных двух гадоў праходзіў выпрабаванні ў полацкім навіцыяце. У 1801—1802 гг. вывучаў нямецкую мову ў Дынабургскім езуіцкім калегіуме, пасля чаго два наступныя гады выкладаў у Віцебску (настаўнік інфімы і нямецкай мовы) і Мсціславе (настаўнік граматыкі, сінтаксісу і нямецкай мовы).

З 1804 па 1806 гг. вывучаў філасофію ў Полацкім езуіцкім калегіуме. У 1806—1809 гг. працаваў настаўнікам граматыкі, сінтаксісу і нямецкай мовы, а потым — рыторыкі і паэтыкі, алгебры і геаметрыі ў Магілёве і Віцебску.

У 1809 г. вярнуўся ў Полацк. Скончыў курс тэалогіі ў Полацкай езуіцкай акадэміі і ў 1813—1814 гг. працаваў рэгентам канвікта і прафесарам французскай мовы ў Віцебску. У 1814—1815 гг. — прэфект школ у Оршы. З 1815 г. — зноў у Полацку, дзе спачатку на працягу года рыхтаваўся да складання апошніх зарокаў у доме ІІІ прабацыі (склаў зарокі 2 лютага 1817 г.), а потым у 1817—1820 гг. займаў пасаду прафесара фізікі і трыганаметрыі Полацкай езуіцкай акадэміі.

Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі (1820) выехаў у Аўстрыйскую дзяржаву, дзе з сакавіка 1821 г. пачаў працаваць у Галіцкай правінцыі Таварыства Ісуса. У 1821—1822 гг. — прафесар фізікі ў Старой Весі. З 1823 — у Цярнопальскім езуіцкім калегіуме, дзе спачатку займае пасаду рэгента канвікта, а ў 1828—1836 гг.- прафесара матэматыкі.

З 22 мая 1836 г. — рэктар Цярнопальскага езуіцкага калегіума, а з 6 студзеня 1838 г. — правінцыял Галіцкай правінцыі Таварыства Ісуса (19 лістапада 1843 г. на гэтай пасадзе яго змяніў яшчэ адзін беларускі езуіт — Якаб Пірлінг). З канца 1843 г. пэўны час быў прафесарам Св. Пісання і старажытнаяўрэйскай мовы у Новым Сончы. У 1844—1847 гг. — святар пры канвікце у львоўскім Collegium Nobilium, а ў 1847—1848 гг. — прафесар Св. Пісання і матэматыкі ў Новым Сончы. Пасля пачатку «Вясны народаў» і роспуску Таварыства Ісуса працаваў у Цярнопальскай дыяцэзіі.

Памёр 23 снежня 1856 г. у Новым Сончы.

Зноскі

  • Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — 427 с.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków: Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
  • Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków: Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s.